РАДАШКО́ВІЦКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ імя Ф.Скарыны, навучальная ўстанова сярэдняга тыпу, гуманітарнага кірунку. Існавала ў мяст. Радашковічы ў 1922—28. Засн. Радашковіцкім таварыствам беларускай шкалы (ТБШ) па ініцыятыве А.Уласава і П.Крачкоўскага. У пач. 1922 атрымана канцэсія на ўтрыманне гімназіі. Дырэктарамі гімназіі былі Ф.Абрантовіч, А.Вернікоўскі, Ф.Стацкевіч. Выкладчыкамі ў розны час працавалі Я.Гаўрылік, В.Гаянкоў, С.Кароль, А.Крачкоўскі, М.Ласковіч, Л.Ліманоўская, Б.Тарашкевіч, І.Цішкевіч і інш. У гімназіі вучылася моладзь з навакольных вёсак і мястэчак. У 1925/26 навуч. г. ў 1—7-м і падрыхтоўчым класах займалася 150 вучняў. Быў інтэрнат для хлопцаў і дзяўчат. Настаўнікі і вучні сумесна з Радашковіцкім ТБШ праводзілі работу па прапагандзе бел. культуры. З ліст. 1923 вучні пастаянна ладзілі тэатр. прадстаўленні, выдавалі рукапісныя часопісы «Да сонца!» і «Гудок». На базе гімназіі ў час летніх канікул у 1926/27 і 1927/28 навуч. г. праводзіліся курсы для настаўнікаў бел. пач. школ. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. у Зах. Беларусі садзейнічаў радыкалізацыі поглядаў педагогаў і вучняў гімназіі, што стала падставай для закрыцця яе ў вер. 1928 па загадзе Маладзечанскага старасты з прычыны «небяспекі публічнага спакою». Большасць навучэнцаў гімназіі прадоўжылі вучобу за мяжой, у БССР; некат. скончылі вышэйшую школу ў Чэхаславакіі. Пэўны час у гэтай гімназіі вучыўся бел. паэт Максім Танк.
Я.Ліс.
т. 13, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)